РУ́СКА-А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1805,
вайна паміж 3-й кааліцыяй (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) і Францыяй (гл. Напалеонаўскія войны). У пач. вайны сілы саюзнікаў: аўстр. Дунайская армія (80 тыс. чал.) на чале з фельдмаршалам К.Макам і рас. армія (50 тыс. чал., у т. л. 15 тыс. аўстрыйцаў) на чале з ген. М.І.Кутузавым — планавалі ў жніўні злучыцца ў Баварыі, потым уварвацца ў Францыю. Адначасова планаваліся марскія дэсанты ў Памераніі, Галандыі, Італіі сіламі брыт., швед., рас. і сіцылійскага флатоў. Напалеон, які рыхтаваўся да высадкі ў Англію, хуткім маршам перакінуў свае войскі з Булонскага лагера ў Паўд. Германію. Адмысловым манеўрам сваіх сіл (220 тыс. чал.) ён абкружыў у раёне Ульма армію Мака (капітулявала 20 кастр.). Армія Кутузава, якая да пач. кастр. толькі дасягнула мяжы Баварыі, пачала 11 кастр. адступленне. Пры адыходзе рас. армія вяла ар’ергардныя баі пры Ламбаху (31 кастр.) і Амштэтэне (5 ліст.) і пазбегла абкружэння пры Санкт-Пёльтэне. 13 ліст. франц. корпус І.Мюрата заняў Вену. 16 ліст. 6-тысячны атрад П.І.Баграціёна адбіў каля Шонграбена атаку 30-тыс. франц. войска, што забяспечыла адыход рас. арміі да Ольмюца, дзе яна злучылася з аўстр. войскам і 50-тысячнай рас. арміяй ген. Ф.Ф.Буксгеўдэна. 2 снеж. ў Аўстэрліцкай бітве 1805 войскі саюзнікаў разбіты французамі. Аўстрыя была вымушана падпісаць 26 снеж. мір з Францыяй, рас. войскі вярнуліся ў Расію. У той жа час брыт. флот перамог франка-ісп. флот у Трафальгарскай бітве 1805. У час вайны яскрава выявіўся ваен. талент Напалеона, які ствараў перавагу ў сілах і сродках на рашаючых напрамках і перамагаў праціўніка па частках.
т. 13, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)